ЖЫГІМО́НТ КЕ́ЙСТУТАВІЧ (каля 1365—20.3.1440),
вялікі князь ВКЛ [1432—40]. Малодшы сын Кейстута, брат Вітаўта. У час барацьбы за ўладу паміж Вітаўтам і вял. кн. Ягайлам апошнім быў зняволены (1382—84). Удзельнік бітвы на Ворскле 1399, перагавораў і заключэння мірных дагавораў з Тэўтонскім ордэнам 1398, 1411, 1422 і 1431, уній Польшчы з ВКЛ, пачынаючы з 1401, Грунвальдскай бітвы 1410. Пасля смерці Вітаўта і абрання на трон ВКЛ Свідрыгайлы ў 1432 удзельнічаў у змове супраць вял. князя. Пасля ўцёкаў Свідрыгайлы ў Полацк Ж. К. абвешчаны вял. князем ВКЛ. Яго ўладу прызналі Літва, Жамойць, Падляшша, Берасцейска-Драгічынская і Менская землі, прынёманскія воласці. Астатнія бел., укр. і рускія землі падтрымалі Свідрыгайлу, які замацаваўся ў Віцебску (гл. Свідрыгайлы паўстанне 1432—39). Каб залучыць на свой бок бел. і ўкр. феадалаў, Ж.К. выдаў прывілей 1434, пачаў вылучаць на дзярж. пасады літ. і бел. баяр, што выклікала незадавальненне буйных феадалаў і князёў. У апошнія гады панавання Ж.К. пачаў аддаляцца ад Польшчы і страціў яе падтрымку. Забіты ў Трокскім замку ў выніку змовы феадалаў.
А.П.Грыцкевіч.
т. 6, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)